Ну вось, i запiсалi яшчэ 5 песень!

img_20160528_125853

Натхнёныя цёплым прыёмам на вечарыне памяці Зьмітра Сідаровіча ўвосень 2015 г., мы падумалі, а ці ня кепска б было дастаць з шуфлядкі які пяток нашых гатовых песень і надаць ім таварны выгляд.

Так сталася, што менавіта Зьміцер нас і “сабраў” ізноў пасьля 12-гадовага перапынку. Мы не маглі адмовіцца ўшанаваць ягоную памяць. Ён усе гэтыя гады ўгаворваў нас ажывіць наш праект, каб мы і зь ім таксама пагралі.

І вось прапануем Вашай увазе гэты пяток нашых “новых” старых песень, амаль усе яны родам яшчэ зь 90-х, толькі “Страла” 2002 году, якая нарадзілася “пад замову” на конкурсе “Музычны рынг” на 1-м нацыянальным радыё. Гучанне песень зараз новае за кошт дададзенага пачку духавых і новых аранжыровак. Падбор песень мы зрабілі, грунтуючыся на іхнай стылёвай сугучнасьці пад выкананне аўтарам Андрэем Ячкоўскім.

Мысьлі былі й такія, ці варта нам увогуле ізноў зьяўляцца пад старой назвай пасьля такога працяглага перапынку, мо лепей прыдумаць новы праект. Але вырашылі застацца “Аварыйным выйсьцем” і спадзяемся, нашае “адраджэнне” вам спадабаецца.

Асобны дзякуй хочам сказаць гукарэжысёру Валянцiну Стральчэню (Valentis Valens), Студыя Arec. Яго прафесiйны i вельмi адказны падыход да працэсу запiсу, а таксама i да працэсу зьвядзення з мастэрынгам пераўзышоў усе нашыя чаканнi.

Аварыйнае выйсьце, Восень 2016.