Песьня «Ваўкалак»

«Ваўкалак», Аварыйнае выйсьце, трэк 3

Словы: Міхась Скобла

Сонны сад зашумеў і змоўк,
   Высах плюшч на агні шыпшыны.
   Ваўкалак, чалавекавоўк
   Прытуліўся да чорнай шыбы.

   Ён у пушчы адседзецца мог
   Меў і нораў амаль ваўчыны,
   Ды, пакінуўшы свой бярлог,
   Ён прыйшоў да вакна Айчыны.

   А ў вачах – чалавечы жах,
   А ў вачах тых няма жадання
   Прытуліцца пад цёплы дах.
   Гэй, выходзьце на паляванне!

   Скрозь па вёсках на ўсіх сабак
   Агрызаўся зусім па-воўчы,
   І жагнаўся люд: – Ваўкалак!
   Хто ж ваўку заглядае ў вочы…

   Ён заблытае ўсе сляды,
   Ад любое ўцячэ пагоні,
   Знойдзе вершнік сабе клады,
   І патопяцца ў багне коні.

   А пасля, бегучы ў бярлог,
   Ён успомніць замову ўночы,
   І кульнецца ў блакітны мох,
   І кажух закапае воўчы.