Пра нас

Гурт “Аварыйнае выйсьце” – гэта аматарскі некамерцыйны праект. Па жыцці мы ўсе займаемся хто чым, толькі ня музыкай. Гэта нават ня хобі для нас, бо можам не зьбірацца й ня граць гадамі. Таму й песень у нас пакуль нарадзілася няшмат.

Ідэя стварыць гурт прыйшла ў 1992 г. да першакурсьнікаў менскага ін’яза Алега Субяля й Алега Барычэўскага. Зьявіліся першыя свае песьні (“Гарэліца”, “У Вільні”, “Вольны хлапец”), у этна-панк гучанні каторых вельмі дарэчы прыйшоўся вакал аднагрупніка Андрэя Корзуна. У вагончыку-старожцы пад Смаргонямі падгледзелі на шыльдачцы і назву.

Хутка далучыліся Сяргей Шыдлоўскі, Зьміцер Шыдлоўскі (двухродныя браты), Зьміцер Дарохін і Валера Дарохін (родныя браты). Сур’ёзна пра музычную кар’еру ніхто ня думаў. Гэта была проста вясёлая тусоўка ін’язаўскай абшчагі “сьлясаркі”, і толькі ў траіх за плячыма музычная школа. Такое “аварыйнае выйсьце” з будзённых клопатаў.

У 1997-м нас параскідала, пазакончыўшы вучобу, разьехаліся ў замежжы Сяргей Шыдлоўскі і Алег Барычэўскі, Алег Субель пайшоў у войска. А праз год здолелі сабрацца толькі ўтрох.

У 2000-м годзе да трыо «Аварыйнае выйсьце» ў складзе якога былi Валера Дарохiн (баян), Алех Субель (акустычная гiтара) i Зьмiцер Шыдлоўскi (флейта), далучылiся гiтарыст Андрусь Ячкоўскi i бубнач Дзянiс Iваноў. Так быў створаны гурт «Аварыйнае выйсьце».

Вось такiя мы былi на той час

Дагэтуль трыо “Аварыйнае выйсьце” актыўна выступала з дылетанцкiмi канцэртамi на розных тусоўках.

Узiмку 2000 года адбыўся наш першы «сур’ёзны» канцэрт у студэнцкiм iнтэрнаце №6 ад БДУ ў рамках бардаўскага фестываля, дзе мы выступiлi ў якасцi гасьцей.

Далей удзельнiчалi ў мясцовым фестывалi «Рок супраць СНIДу i наркотыкаў» у г/п Дружны, дзе перамаглi i паехалi у Наваполацк на фестываль «Рок-Кола 2001». Тут мы перамаглi ў намiнацыi «Самабытнасьць» i атрымалi заслужаны кошык пiва i дыплём.

Восенню з’езьдзiлi ў Ратамку i выступiлi ў адной праграме разам з Касяй Камоцкай i Зьмiцерам Сiдаровiчам.

Да наступнай дзейнасьцi можна аднесьцi кацэрт у клюбе «Графiцi», выступленне ў Аўтамеханiчным каледжы (у той час там вучыуся Дзянiс), iмпрэза ў рыцарскiм намёце на днi горада Мiнска разам са Зьмiцерам Сiдаровiчам.

Першы запіс Аварыйнага выйсьця

Вясной 2002 года мы запiсалi свой першы дэма-альбом, песьнi зь якога Вы можаце знайсьцi на гэтым сайце.

14 лютага 2003 года мы зноў выступiлi ў «Графiцi».

8-га сакавiка таго ж года ў якасьцi падарунка для мiлых дзяучат далi канцэрт у «Акварыюме». Улетку мы ўзялі ўдзел у «Музычным рынгу» на 1-ым нацыянальным радыёканале.

Тады ж удзельнiчалi ў «Хiт-моманце» на СТВ зь песьняй «Вольны хлапец».

Апошнiм зборам гурта можна лiчыць вяселле нашага баянiста Валеры.

Далей настаў вялiкi перапынак. I толькi у 2015 годзе гурт вырашыў запiсаць пяць песень. Гэта сталася пасля выступу на вечарыне памяцi Змiцера Сiдаровiча, нашага сябра, музыкi, заснавальнiка гурта «Камелот».


Пачалiся рэпетыцыi. Улетку 2016 года песнi былi запiсаныя.